СУБ’ЕКТЫ́ЎНЫ ФА́КТАР у гісторыі,

паняцце матэрыяліст. філасофіі, якое абазначае дзейнасць суб’ектаў гіст. працэсу (народы, нацыі, саслоўі, класы, сац. і рэліг. рухі, партыі, асобы), накіраваную на захаванне ці змену пэўнага стану грамадства. Разам з паняццем аб’ектыўнага фактара (пэўныя гіст. ўмовы грамадскага развіцця) раскрывае змест дыялект. заканамернасці, згодна з якой людзі ствараюць сваю гісторыю самі, але з улікам канкрэтных абставін, што склаліся незалежна ад волі суб’ектаў. У гісторыі адыгрывае адносна самаст. ролю, але абмежаваную аб’ектыўным кантэкстам гіст. падзей. Аб’ектыўныя адносіны і ўмовы акрэсліваюць гал. кірункі дзеяння С.ф. і ўплываюць на яго вынікі. Адрозніваюць узроўні (масавы, класавы, нац., асабісты) і формы праяўлення (паліт., ідэалагічная, арганізацыйная) С.ф. У пераломныя моманты гісторыі ён у стане аказаць уплыў на змест і накіраванасць грамадскіх пераўтварэнняў і рэформ. З пашырэннем уплыву С.ф. расце адказнасць суб’ектаў гіст. працэсу. што звязана з наяўнасцю ў распараджэнні вузкіх груп людзей сродкаў, якія могуць стварыць пагрозу цэлым народам ці ўсяму чалавецтву (гл. Тэрарызм). Крытэрыі гэтай адказнасці — імкненне да ўсеагульнага дабра, адэкватнае разуменне нар., нац. і дзярж. інтарэсаў, падпарадкаванне грамадз. дысцыпліне і ўсведамленне супадзення намаганняў усіх народаў па забеспячэнні справядлівых і гуманных умоў свайго існавання.

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)